- 04 Малітва Святому Духу
Цару Нябесны, Уцяшыцелю, Духу ісціны, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцця Падацелю, прыйдзі і ўсяліся ў нас, і ачысці нас ад усякай нечыстаты і спасі, Добры, душы нашы.
- 06 Малітва да Прасвятой Троіцы
Прасвятая Троіца, памілуй нас; Госпадзі, ачысці грахі нашы; Уладару, прабач беззаконні нашы; Святы, наведай і ацалі немачы нашы дзеля імя Твайго.
Госпадзі, памілуй. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
- 07 Малітва Гасподня
Ойча наш, Які ёсць у нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым; і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
- 09 Малітва да Прасвятой Троіцы
Устаўшы ад сну, дзякую Табе, Святая Троіца, што па вялікай Тваёй дабрыні і доўгацярпенню не загневаўся Ты на мяне, лянівага і грэшнага, і не загубіў мяне з беззаконнямі маімі; паказаў Сваё звычайнае чалавекалюбства і падняў мяне, калі я ляжаў без памяці, каб я ўстаў рана і славасловіў уладу Тваю. І цяпер прасвятлі мае вочы духоўныя, адкрый мае вусны, каб мне навучацца слову Твайму, і разумець запаведзі Твае, і выконваць волю Тваю, і праслаўляць Цябе з удзячнасцю сардэчнай, і апяваць усесвятое імя Тваё — Айца, і Сына, і Святога Духа — цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Прыйдзіце, паклонімся Цару нашаму — Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Цара нашага, Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Самога Хрыста, Цара і Бога нашага.
- 10 Псалом 50
Памілуй мяне, Божа, па вялікай міласці Тваёй і па мноству шчодрасцяў Тваіх ачысці беззаконні мае. Зусім абмый мяне ад беззаконня майго і ад граху майго ачысці мяне. Бо беззаконне маё я знаю і грэх мой перада мною заўжды. Перад Табой адзіным я саграшыў і злое перад Табою ўчыніў, так што Ты справядлівы ў словах Тваіх і беззаганны ў судзе Тваім. Бо вось у беззаконнях зачаты я i ў грахах нарадзiла мяне мацi мая. Бо вось iсцiну ўзлюбiў Ты, невядомае i тайнае з прамудрасцi Тваёй адкрыў Ты мне. Акрапiш мяне ісопам — i буду чысты, абмыеш мяне — i буду за снег бялейшы. Дасі мне пачуць радасць i вясялосць — i ўзрадуюцца косцi пакораныя. Адвярнi аблiчча Тваё ад грахоў маiх i ўсе беззаконнi мае ачысцi. Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, i дух праўды аднаві ўнутры мяне. Не адкiнь мяне ад аблiчча Твайго i Духа Твайго Святога не адымі ад мяне. Вярні мне радасць спасення Твайго і Духам уладарным умацуй мяне. Я навучу беззаконных шляхам Тваiм, i грэшныя да Цябе звернуцца. Уратуй мяне ад крывi, Божа, Божа спасення майго, i ўзрадуецца язык мой праўдзе Тваёй. Госпадзі, вусны мае адкрыеш, i вусны мае абвясцяць хвалу Тваю. Бо калi б Ты захацеў ахвяры, то я даў бы, але ўсеспаленне не мiлае Табе. Ахвяра Богу — дух скрушаны; сэрцам скрушаным i пакорлiвым Бог не пагарджае. Ашчасліў, Госпадзі, з ласкi Твае Сiён, i няхай збудуюцца сцены Iерусалiма. Тады мiлай Табе будзе ахвяра праўды, прынашэнне i ўсеспаленне; тады пакладуць на ахвярнiк Твой цяльцоў.
- 12 Малітва 1-я, св. Макарыя Вялікага
Божа, ачысці мяне, грэшнага, бо я ніколі не зрабіў добрага перад Табою; але збаў мяне ад злога, і няхай будзе ўва мне воля Твая, каб я неасуджана адкрыў вусны мае недастойныя і ўсхваліў імя Тваё святое — Айца, і Сына, і Святога Духа — цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
- 13 Малітва 2-я, св. Макарыя Вялікага
Устаўшы ад сну, я апоўначы песню прыношу Табе, Спасіцелю, і, прыпадаючы, усклікаю да Цябе: не дай мне заснуць грахоўнай смерцю, а пашкадуй мяне, дабравольна Распяты, і як ляжу я ў ляноце, хутка паднімі мяне, і спасі мяне, як стаю я і малюся, і пасля сну начнога дай заззяць нада мною дню бязгрэшнаму, Хрысце Божа, і спасі мяне.
- 14 Малітва 3-я, св. Макарыя Вялікага
Да Цябе, Уладару Чалавекалюбны, устаўшы ад сну, я звяртаюся, і да спраў Тваіх прыступаю па міласэрнасці Тваёй, і малюся Табе: памажы мне ва ўсякі час, ва ўсякай рэчы, і захавай мяне ад усякай злой рэчы ў свеце, і ад дыявальскага ўздзеяння, і спасі мяне, і ўвядзі ў Царства Тваё вечнае. Бо Ты мой Стварыцель і ўсякага дабра Прамысліцель і Падацель, на Цябе ўсё спадзяванне маё, і Табе славу ўзношу цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
- 15 Малітва 4-я, св. Макарыя Вялікага
Госпадзі, Ты вялікай Тваёй дабрынёй і вялікімі шчодрасцямі Тваімі даў мне, рабу Твайму, мінулы час ночы гэтай без напасці прайсці ад ўсякага зла супраціўнага; Ты Сам, Уладару, Творца ўсяго, спадобі мяне ў праўдзівым Тваім святле і з прасветленым сэрцам выконваць волю Тваю цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
- 16 Малітва 5-я, святога Васілія Вялікага
Госпадзі Уседзяржыцелю, Божа сіл і ўсякае плоці, Ты ў вышынях жывеш і на нізіны спаглядаеш, сэрцы і думкі назіраеш і ясна ведаеш тайны чалавечыя, Беспачатнае і Вечнаіснае Святло, што не мае змянення і не дае ценю! Ты Сам, Неўміручы Цару, прымі маленні нашы, якія мы ў цяперашні час, спадзеючыся на мноства шчодрасцяў Тваіх, нячыстымі вуснамі прыносім Табе, і даруй нам правіннасці нашы, учыненыя намі дзеяннем, словам і думкаю, свядома ці несвядома; і ачысці нас ад усякае нечыстаты плоці і духа. І дай нам з нядрэмным сэрцам і цвярозаю думкаю ўсю ноч цяперашняга жыцця прайсці ў чаканні прышэсця светлага і слаўнага дня Адзінароднага Твайго Сына, Госпада і Бога і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, калі са славаю Суддзя ўсіх прыйдзе кожнаму аддаць паводле ўчынкаў яго; каб не ў ляжанні і ляноце, а нядрэмнымі і на нагах, у выкананні запаведзяў Яго мы былі знойдзены, гатовыя ўвайсці з Ім у радасць і ў Бажэственны хорам славы Яго, дзе святкуючых голас несціханы і невымоўная асалода сузіральнікаў невыказнага хараства аблічча Твайго. Бо Ты — праўдзівае Святло, Якое прасвятляе і асвячае ўсё, і Цябе апявае ўсё стварэнне на векі вякоў. Амінь.
- 17 Малітва 6-я, святога Васілія Вялікага
Цябе благаслаўляем, вышні Божа і Госпадзі міласці, Які заўсёды робіш з намі вялікае і недаступнае разуменню, слаўнае і дзівоснае, на што і ліку няма, Які даў нам сон для супакаення немачы нашай і аслаблення ўтомленасці знясіленай плоці. Дзякуем Табе, што не загубіў нас з беззаконнямі нашымі, а паказаў Сваё звычайнае чалавекалюбства і падняў нас, калі мы ляжалі без памяці, каб мы славасловілі ўладу Тваю. Таму молім бязмерную Тваю добрасць: прасвятлі нашы думкі, вочы, і розум наш ад цяжкага сну ляноты абудзі, адкрый нашы вусны і напоўні іх хвалою Табе, каб мы маглі непарушна апяваць і праслаўляць Цябе, ва ўсіх і ўсімі славімага Бога — Беспачатнага Айца з Адзінародным Тваім Сынам і Ўсесвятым і Добрым і Жыватворным Тваім Духам – цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
- 18 Малітва 7-я, да Прасвятой Багародзіцы
Апяваю благадаць тваю, Уладычыца, малю Цябе: розум мой благадаццю адары. Хадзіць правільна мяне навучы – шляхам Хрыстовых запаведзяў. Нядрэмнасць ў спеве ўмацуй, маркотны сон адганяючы. Звязанага ланцугамі грэхападзенняў малітвамі Тваімі вызвалі, Боганявеста. Уначы мяне і ўдзень ахоўвай, ад ваяўнічых ворагаў ратуючы мяне. Ты, Якая Жыццядацеля – Бога нарадзіла, мяне, памерлага ад страсцей, ажыві. Ты, Якая святло невячэрняе нарадзіла, душу маю аслеплую прасвятлі. О, дзівосны хорам Уладара, домам Духа Бажэственнага мяне ўчыні. Ты, Якая Лекара нарадзіла, вылечы душы маёй шматгадовыя страсці. Мяне, жыццёваю бураю захопленага, на сцяжыну пакаяння скіруй. Уратуй мяне ад агню вечнага, ад чарвяка лютага і тартара. Не ўчыні радасці для дэманаў з мяне, у многіх грахах вінаватага. Новым зрабі мяне, змарнелага ад неадчувальных, Найчысцейшая, саграшэнняў. Далёкім ад мукі усякай пакажы мяне і Уладара ўсіх умалі. Нябесных мне дасягнуць радасцей з усімі святымі спадобі. Прасвятая Дзева, пачуй голас нягоднага раба Твайго. Дай ліцца слязам маім, Прачыстая, душы маёй нечыстату ачышчаючы. Стогны ад сэрца прыношу Табе няспынна: падтрымай, Уладычыца. Малітвенае служэнне маё прымі і Богу міласэрнаму прынясі. Вышэйшая за Ангелаў, узнімі мяне, не даўшы са светам змяшацца мне. Светланосная Засень нябесная, духоўную благадаць на мяне скіруй. Рукі ўзнімаю і адкрываю забруджаныя нечыстатой вусны для ўсхвалення, Найчысцейшая. Ад душатленных мяне нападаў пазбаў, старанна ўмаляючы Хрыста, Якому пашана і пакланенне належаць цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
- 19 Малітва 8-я, да Госпада нашага Iiсуса Хрыста
Многаміласцівы і Усяміласцівы Божа мой, Госпадзі Іісусе Хрысце, дзеля вялікай любові Ты сышоў і ўцялесніўся, каб спасці усіх. Дык вось, Спасіцелю, спасі мяне па благадаці, малю Цябе; бо калі за ўчынкі спасеш мяне, то гэта не благадаць і дар, а хутчэй абавязак. О, багаты шчодрасцямі і невымоўны ў міласці! Ты сказаў, Хрысце мой: хто веруе ў Мяне, той жывы будзе і не ўбачыць смерці вавекі. Калі ж вера ў Цябе спасае тых, хто ў адчаі, то вось я верую, спасі мяне, бо Ты мой Бог і Стварыцель. І вера замест учынкаў няхай залічана будзе мне, Божа мой, бо Ты зусім не знойдзеш учынкаў, якія апраўдаюць мяне. Але той веры маёй няхай дастаткова будзе замест усіх іх, яна няхай адказвае, яна няхай апраўдае мяне, яна няхай зробіць мяне ўдзельнікам вечнай славы
Тваёй. Каб не выкраў мяне сатана і не пахваліўся, Слова , што ён забраў мяне з Тваёй рукі і з-пад Тваёй аховы. Але ці хачу, ці не хачу, спасі мяне, Хрысце Спасіцелю мой, паспяшы скора, бо хутка загіну: Ты ж Бог мой ад улоння маці маёй. Спадобі мяне, Госпадзі, цяпер узлюбіць Цябе, як некалі я любіў той самы грэх; і ўжо служыць Табе без ляноты шчыра, як я служыў раней сатане лжываму. Лепш буду служыць Табе, Госпаду і Богу майму Іісусу Хрысту, ва ўсе дні жыцця майго, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
- 20 Малітва 9-я, да Ангела Ахоунiка
Святы Ангеле, пастаўлены ахоўваць маю бедную душу і няшчаснае жыццё, не пакінь мяне, грэшнага, і не адступі ад мяне за няўстрыманасць маю. Не дай магчымасці злому дэману авалодаць мною праз перавагу гэтага смяротнага цела; вазьмі моцна гаротную і кволую руку маю і вывядзі мяне на шлях спасення. О, святы Ангеле Божы, ахоўнік і заступнік беднай маей душы і цела, усё мне прабач, чым я зняважыў цябе ва ўсе дні жыцця майго і, калі я чым саграшыў у гэтую мінулую ноч, абарані мяне ў цяперашні дзень; і захавай мяне ад усякае спакусы варожае, каб я ніякім грахом не ўгнявіў Бога; і маліся за мяне Госпаду, каб Ён умацаваў мяне ў страху Сваім і зрабіў мяне рабом, дастойным Сваёй добрасці. Амінь.
- 21 Малітва 10-я, да Прасвятой Багародзiцы
Прасвятая Уладычыца мая, Багародзіца, святымі Тваімі і ўсёмагутнымі малітвамі адгані ад мяне, пакорлівага і няшчаснага раба Твайго, маркоту, непамятлівасць, неразумнасць, нядбайнасць і ўсе нячыстыя, злыя і кашчунскія думкі з беднага майго сэрца і з азмрочанага розуму майго; і пагасі полымя страсцей маіх, бо я ўбогі і няшчасны. І пазбаў мяне ад шматлікіх згубных успамінаў і намераў, і ад усіх учынкаў злых вызвалі мяне. Бо Цябе благаслаўляюць усе роды, і славіцца найпачэснейшае імя Тваё на векі вякоў. Амінь.