1.Старая школа. 1. СТАРАЯ ШКОЛА
Нядаўна ў нас пачалі будаваць новую цагляную школу. Месца для яе выбралі прыгожае, высокае — на цвінтары за былой царквой, у якой зараз знаходзіцца клуб. Наша настаўніца Антаніна Аляксандраўна гаворыць, што восенню мы пойдзем ужо ў новую школу, у чацвёрты клас. А пакуль мы вучымся ў старой і заканчваем трэці. Старая школа — гэта пачарнелая ад часу драўляная будыніна на высокім падмурку. Некалі трывалыя, смалістыя бярвенні сцен патрэскаліся, сям-там параслі мохам. Толькі нядаўна адрамантаваны бляшаны дах у сонечныя дні весела наблісквае новымі цынкавымі лапікамі.
Каля школы выстраіліся ў рад сівыя, аджыўшыя свой век таполі. Кару з іх мы даўно аблупілі на лодачкі, і дрэвы свецяць голымі бакамі. На самай высокай сухой верхавіне пасяліўся бусел. Непадалёку ад яго гнязда бойка гамоняць задзірыстыя вераб'і.
Мой бацька расказваў, што калісьці, яшчэ да рэвалюцыі, калі ён сам быў вучнем, у нашай школе знаходзілася воласць. А бабуля дык яшчэ і цяпер школу называе воласцю. Прыйдзе яна з калгаса дамоў абедаць і пачынае расказваць:
— Сустрэла я сёння каля воласці Агату, што за Халімона выйшла...
— Каля школы, баб,— папраўляю я. А яна толькі рукой адмахваецца:
— Адкасніся, смала! Буду я табе школкаць...
I зноў за свае: воласць ды воласць.